У бібліятэках Бераставіцкага раёна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

22 Февраля

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай – значыць, любімай, дарагой, самай-самай. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну ім засталася па-сапраўднаму унікальная мова – самая мілагучная і самая старажытная сярод славянскіх.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў бібліятэках Бераставіцкага раёна былі арганізаваны кніжныя выставы пад назвамі “З любоўю кожны радок”, “У родным слове – цэлы свет”, “Роднай мовы пералівы”, “Жывая крыніца беларускай мовы”, “Дакраніся да роднага слова”, “Скарбы роднай мовы”, “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, “Мову матчыну шануйце” і іншыя. Наведваючы філіялы Бераставіцкай райбібліятэкі, чытачы атрымалі магчымасць пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.

Акрамя гэтага, у бібліятэках раёна адбыліся тэматычныя ўрокі, прагляды літаратуры, паэтычныя вернісажы і літаратурныя падарожжы.


Вернуться к списку новостей