21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Карані, якія моцна трымаюць нас

21 Февраля

Кожны раз, калі я бываю ў Полацку, адразу іду да помніка душы і сэрца – помніка Ў. І кожны раз з замілаваннем перачытваю слоўцы Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». І сапраўды, горад, які даў свету вялікіх беларусаў, і сёння дыхае на поўныя грудзі беларускасцю. Цікава, што літару «Ў», якая ёсць толькі ў нас, беларусаў, у якасці назвы выкарысталі мінская арт-галерэя і музычны гурт — «У нескладовае». Для мяне мова – ужо даўно надзейны сродак, з дапамогай якога штохвілінна думаю.

Яшчэ ў 1956 годзе Якуб Колас пісаў: «Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму наша задача – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах». Актуальна гэта і ў ХХІ стагоддзі. Мова наша распаўсюджана не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, іншых краінах. Адным словам, у кожным куточку планеты Зямля, дзе б’юцца беларускія сэрцы, жыве матчына мова. Мова ж наша – самая старажытная сярод славянскіх і вельмі мілагучная, як італьянская.

Узрасла цікавасць да беларускай мовы за мяжой. Сёння толькі ў Кітаі адкрыты дзясятак цэнтраў па яе вывучэнні. Яна вывучаецца ва ўніверсітэтах, культурных цэнтрах Польшчы, Украіны, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і інш.


Вернуться к списку новостей